Бібліятэка (з грэцкай мовы: βιβλιοθηκη, biblion - кніга, theke - сховішча) - падабраны пэўным чынам збор кніг, які зьяўляецца прыватнай або грамадзкай уласнасьцю. Установа, якая зьбірае і захоўвае кнігі ды іншыя электронныя, друкаваныя і рукапісныя творы, прапагандуе і выдае кнігі чытачом. Галіна ведаў пра формы і мэтады арганізацыі бібліятэчнай справы называецца бібліятэказнаўствам.
На пачатак 2014 году ў сьвеце налічвалася 569 600 бібліятэк, зь якіх звыш 440 000 (77 %) у Эўропе і звыш 125 000 (22 %) у Паўночнай Амэрыцы. У бібліятэках захоўвалі звыш 20 млрд кніг і звыш 10 млрд газэтаў і часопісаў. Найбольш багатыя фонды мелі бібліятэкі Эўропы - звыш 16 млрд асобнікаў захоўваньня, Паўночнай Амэрыкі - 12 млрд і Азіі - 1,5 мільярды. У бібліятэках налічвалася 2,5 млрд абанэнтаў, зь якіх 1,8 млрд (72 %) прыпадала на Эўропу, што больш як 2-кратна перавышала лік насельніцтва апошняй.
Бібліятэка: Беларусь
На 11 верасьня 2009 року ў Беларусі налічвалася 9300 бібліятэк, што агулам мелі звыш 200 мільёнаў кніг. Чытацкія білеты меў кожны другі жыхар краіны. У бібліятэках працавала 16,5 тысячы бібліятэкараў. На пачатак 2014 году ў бібліятэках Беларусі захоўвалі 667 кніг на 1000 жыхароў краіны, што было 19-м паказьнікам сярод краінаў сьвету.
На лістапад 2022 году ў Беларусі налічвалася каля 7000 агульнадаступных і адмысловых бібліятэк з агульным памерам фонду каля 180 млн асобнікаў. У сельскай мясцовасьці знаходзілася 78 % агульнадаступных бібліятэк. Міністэрства культуры Беларусі ведала 2348 бібліятэкамі, якія складалі 34 % ад іх агульнага ліку ў краіне. За 2011-2022 гады аб'ядналі 475 сельскіх агульнадаступных і школьных бібліятэк. Сярод агульнага ліку бібліятэк 96 % мелі кампутар, 88 % - падлучэньне да Сеціва і 87 % - электронную пошту. Бібліятэкі Беларусі давалі доступ 93-м арганізацыям-супольніцам да больш як 100 базаў зьвестак айчынных і замежных вытворцаў. Сярод іншага, сельскія агульнадаступныя бібліятэкі выкарыстоўвалі 106 перасоўвальных бібліёбусаў.
Бібліятэка: Крыніцы
Нэлі Зігуля. Чаму вырашылі закрыць бібліятэку. Зьвязда. - 15 студзеня 2014. - № 6 (27616). - С. 5.
Ільля Лапато. Кожны другі беларус карыстаецца паслугамі бібліятэк. Зьвязда : газэта. - 11 верасьня 2009. - № 171 (26531). - С. 2. - ISSN 1990-763x.
Бібліятэчная сетка Беларусі налічвае 7 тыс. устаноў з агульным фондам 180 млн экзэмпляраў. Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 лістапада 2022 г. Праверана 22 лістапада 2022 г.