Архіў (грэц. άρχεϊον) - установа або структурнае падразьдзяленьне арганізацыі, якая ажыцьцяўляе захоўваньне, камплектаваньне, улік і выкарыстаньне архіўных дакумэнтаў.
Як збор крыніц, архіў служыць для навуковых дасьледаваньняў, практычных патрэбаў гаспадаркі і дзяржаўнага кіраваньня.
Архіў: Мінуўшчына
Сховішча Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (2016 г.)
Архівы існуюць са Старажытнасьці ў сувязі з вынаходзтвам пісьменства. У Міжрэччы (цяпер Ірак) і Анатоліі (цяпер Турэччына) археалягічныя раскопкі выявілі ў палацах валадароў, іх намесьнікаў, прыватных асобаў і храмах архівы адміністратыўна-гаспадарчых запісаў на гліняных таблічках. Таксама знайшлі дыпляматычныя сховішчы эгіпецкіхфараонаў. Прыстасаваныя для захоўваньня пастановаў архівы існавалі ў Старажытных Грэцыі і Рыме. У 12-13 стагодзьдзях у Францыі, Гішпаніі і Ангельшчыне ўзьніклі каронныя архівы пры дварах валадароў. Значную частку крыніц у Сярэднявеччы захоўвалі цэрквы. З 16-га стагодзьдзя дзяржаўныя ўстановы займелі ўласныя архівы. У выніку калянізаваньня эўрапейцамі іншых частак сьвету ўзьніклі каляніяльныя архівы (Галоўны архіў Індыі ў Гішпаніі). З 19-га стагодзьдзя архівы зрабілі даступнымі дасьледнікам і склалася міжнародная архіўная супраца. У 1950 годзе на 1-м Міжнародным зьезьдзе архіваў зацьвердзілі статут Міжнароднай рады архіваў. На 1994 год зь ёй супрацоўнічалі архівісты каля 120 краінаў і выдаваўся міжнародны часопіс "Архівум" (лац. Archivum). На 1996 год найбольшымі архівамі замежжа былі: Нацыянальныя архівы Францыі ў Парыжы, заснаваныя ў 1794 годзе; Публічны архіў Вялікабрытаніі ў Лёндане, заснаваны ў 1838 годзе; Нацыянальныя архівы ЗША ў Вашынгтоне, створаны ў 1934 годзе; Саюзны архіў Нямеччыны ў Кобленцы (зямля Райнлянд-Пфальц), заснаваны ў 1952 годзе; Архіў новых актаў Польшчы ў Варшаве, створаны ў 1930 годзе, і Галоўны архіў старажытных актаў Польшчы ў Варшаве, заснаваны ў 1867 годзе; Дзяржаўны архіў Расейскай Фэдэрацыі і Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў.
На 1 чэрвеня 2012 году ў дзяржаўных архівах Беларусі налічвалася 50 145 фондаў, 12 295 267 папяровых дакумэнтаў (97,5% усіх дакумэнтаў), 37 733 кінадакумэнтаў; 258 134 фотадакумэнтаў, 15 602 фонадакумэнтаў, 2193 відэадакументаў, 13 электронных фондаў, 502 электронных дакумэнтаў і 569 музэйных прадметаў. За 2011 год на пастаяннае захаваньне ў дзяржаўныя архівы краіны прынялі звыш 100 000 дакумэнтаў. Найбольш старажытнымі былі арыгінальныя пэргамэнтныя граматы 14-га стагодзьдзя, у тым ліку "Пацьвярджальны прывілей князёў Фёдара і Канстанціна Карыятавічаў пану Грынько на горад Сакалец. За верную службу" ад 20 чэрвеня 1391 году.
Павал Берасьнеў. Штогод на пастаяннае захоўваньне беларускія архівы прымаюць больш за 100 тысяч адзінак захоўваньня. Зьвязда : газэта. - 2 чэрвеня 2012. - № 104 (27219). - С. 4. - ISSN 1990-763x.
Архіў: Вонкавыя спасылкі
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі
Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва